Валянцін Таўлай

***
Ідзе за годам год,
Сівеюць людзі, хаты, -
І ўсё ў ярме народ,
А над шляхамі - краты.

І ўсё фарбуюць брук
Крыві ахвярнай плямы.
Чуваць астрожнай брамы
На ўсю краіну грук.

І маці не адна
Глытае моўчкі слёзы:
Зноў сына па дарозе
Пагналі ў кайданах...

Ад гэтае пары
Ўдавою тужыць ніва,
Каню гнядую грэву
Расчэсваюць вятры...

Мо вернецца, мо згіне
Таварыш дарагі,
Услед за ім другія
Ўзняліся, як сцягі.

Той самаю дарогай
Яны вядуць народ,
І ўжо да перамогі
Бліжэй на цэлы год.

Малой сястрычцы

Пакуль, сястрычка, падрасцеш
І шлях пратопчаш свой жыццёвы, -
На памяць вывуч гэты верш,
Які складаю шчырым словам

Не зразумееш мо мяне -
Пішу табе яго навыраст,
Я знаю: гэты дзень міне,
З якога верш сягоння вырас.
Магчыма толькі ён адзін
І астанецца жыць на памяць,
Як рэха дальняе гадзін,
Што сэрца мне гнятуць і раняць.

Тады, сястрычка, ўспамяні
Усіх, хто з бою не вярнуўся,
Каб намі высненыя дні
Зноў паплылі над Баларуссю.

Кастрычніцкі салют

Грыміць кастрычніцкі салют...
Здаецца - гэта гром Аўроры
Ускалыхнуў здалёк зямлю.
І, ззяючы, спадаюць зоры

Пад гулкі,пераклічны залп,
Каторым салютуюць шчыра
Крутыя верхавіны Альп,
Граніты звонкага Паміра.

Закончан слаўны наш паход.
Цвярдыні ворага - ў руінах,
Стары тэўтонскі шлях на ўсход
Прыгвозджан да пляцоў Берліна.

Бары, як некалі гудуць.
Зноў скібы чорныя пад плугам.
І дробяць гарнякм руду, шахцёры высякаюць вугаль.

І на стырне гадоў - рука,
Якая наша пакаленне
Вядзе з-пад самых барыкад,
Што ўзняў над цэлым светам Ленін.


Ранак Перамогі

Мы цябе выглядалі з-за шэрых руін
Воблік светлы твой снілі начамі ў астрогах
І тужылі тугою магіл і краін
Па табе, залатая вясна перамогі.

Нашы дрэвы, і кветкі, і дзеці, і сны
Летуцелі даўно аб табе недацветам, -
Ані разу яшчэ так пакутна вясны
Не чакаў чалавек, покуль свет гэты светам.

Вочы дым выядаў, лісце вянула дрэў,
Апякалі зямлю і душу бліскавіцы.
Чорным полымем ранак вясновы гарэў,
Рассыпалася ў попел гарачы травіца.

І тады - успаміны халодным асцём,
Як запалы нянавісці, ўпіліся ў сэрца, -
Кожны кінуцца мог за Радзімы жыццё
І ўзарвацца гранатай пад крокамі смерці.

Выбухалі і песні, і сэрцы, як тол.
Смерць, губляючы косці, назад адпаўзала
Праз магілы ахвярныя нашых братоў,
Праз руін гарады, цені сёл і вакзалаў.

Мы, як гнеў, неадступныя, следам ішлі,
Задыхаліся ў ярасных бітвах, пагонях, -
І астаўся за намі дым родных сяліб
І вайной узараныя родныя гоні.

Чорным саванам клалася злая зямля,
Што ў пяшчэрах сваіх смерць таіла спрадвеку
І атрутай паіла калоссе ў палях,
І нянавісць радзіла, як хлеб, чалавеку.

Праклялі яе нашы гарматы наскрозь -
Ад Мазурскіх азёр да самога Берліна,
Покуль сонечным ранкам, няўмольным, як лёс,
Не ўвайшла наша помста на Унтэр-дэн-Ліндэн.

Кожны з нас тады лёгка, глыбока ўздыхнуў.
Задзівіліся ўсе: ціхі гэтакі ранак...
І пазналі яе, залатую вясну,
Аж занылі ад радасці даўнія раны.


Аддаю шчыры голас салдацкі

Я дарос, пасталеў на вайне.
І хоць свеціцца срэбра на скронях,
Дзядзькам клічаш дарма ты мяне, -
Першы раз галасую сягоння...

Я ў баях пасівеў маладым:
Можа, попел мне скроні асыпаў,
Калі я штурмаваў гарады,
а мо пенай апырскала Прыпяць.

Нахаздіўся і я за вайну,
І вярнуўся з паходу ўчора,
І слязу першы раз праглынуў,
Неба роднага ўбачыўшы зоры...

Дай, таварыш, і мне бюлетэнь:
Калі хоча Радзіма спытацца,
Я ў сягонняшні радасны дзень
Адкажу дарагой па салдацку.

Прысягаю на попел руін
І на аншу вялікую справу, -
Не знайшоў ласкавей я краін,
Ані больш чалавечага права.

Бачыў я іншых армій салдат, -
Поплеч білі мы Гітлера-звера, -
Кожны марыў вярнуцца назад,
А не кожны ў шчасце з іх верыў.

Толькі наша Радзіма знайшла
Сцежку кожнаму, кожнаму - працу.
За разумны, савецкі наш лад
Аддаю шчыры голас салдацкі.

Перад намі - шырокі прастор,
І ніякая хмара не засціць
Ані ззяння крамлёўскага зор,
Ані нашага дужага шчасця.

На руінах, дзе горкі палын,
Узнімаюцца новыя хаты,
Набрынялі ўраджаем палі
І ў пятлі - учарашнія каты.

Я за Партыю сёння даю
Голас першы, ўзмыжнелы ў вятрысках,
Свой і тых, што палеглі ў баю
І не лічацца ў выбарчым спіску.

Перамога

Векі заплюшчыш - напружаны сон
Грудзі раскроіць, як плугам барозны.
Нешта набухне, як боль і як сон,
Нешта заплача наўзрыд і бясслёзна.

Заўтра з заплаканых шыбінак-мар
Сінім рассветам прасочыцца ранак.
Зваліць з грудзей набалелы цяжар
Сцюжай рукою сціскаючы раны.

Устань і ў сцюдзёным жалезе пабач
Новыя вартасці слова жывога!
І зразумееш душой - Барацьба.
І зразумееш душой - Перамога.

Кветкалюбы

Разявіўся на каравай,
А нам пляце пра клумбы!
М - сала, яйкі падавай:
Вядома - "кветкалюбы"...

І сніцца немчуры язмін
З прыемным пахам скваркі:
Адной рукой - "шпэк" вазьмі,
Другою - "шнапсу" чарку.

Відаць, таму спалілі ў дым
Цвердзь камяніц, брук вуліц,
Каб назаўсёды гарады
Пад клумбамі заснулі.

Для іх на попеле цвіла б
Дзяўчынай стройнай мальва,
А да зямлі прыгнуты раб
Жыцця і то б вымальваў...

Хай нюхаюць, пакуль не млосць,
А нам не шкода міны,
Каб нюхаўку ім разнясло
Адгэтуль - да Берліна!

Хлопцы

Перадай, сасна, сасне -
Немцам будзе блага:
Не задрэмле, не засне
Партызанскі лагер.

Расшумеўся цёмны лес
Над маўклівым логам -
Ходзяць хлопцы па сяле,
Ходзяць па дарогах.

Сосны тут адна ў адну
Высяцца, як вежы, -
Не прайсці, не абмінуць
Немцу нашых сцежак.

Вее вецер на бары,
Сосны кучаравіць -
Не ўдасца немчуры
Ні адна аблава.

Навакол бароў - палі,
А праз поле сцежка.
Хочаш, фрыц, сяло спаліць -
Моцна апячэшся.

Зя палямі - сенажаць,
Пах стаіць мурожны.
Хоча немец не дрыжаць,
Хоча - ды не можа.

Вось і вёска на відку,
Каля хаты хата.
У вінтоўку - дзесяць куль,
За рамнём - гранаты.

Ловіць фрыц гусей ля хат,
Цягне фрыц падушкі -
Партызансктаўтамат
Сочыць гнеўнай мушкай.

Як махне наш камандзір, -
Немцаў - быццам здула.
Колькі немцаў - столькі дзір
І расходу ў кулях.

Кожны раз, калі бяда,
Хлопцы абароняць -
Будуць немцаў аглядаць
Чрныя вароны.

І на захад і на ўсход
Ад Дняпра да Немна
Славіць хлопцаў наш народ,
Наша песня помніць.

Навагодні сон
Хочаце - верце,
А хочаце - не:
Зноў Гітлеру чэрці
Прысніліся ў сне.
Заўсёды прыходзіць
З візітам брыда,
Як толькі на ўсходзе
Якая бяда.
Знаёміўся фюрэр
З хвастатай братвой,
Калі яму ў скуру
Далі пад Масквой.
Другі раз пыталі,
Ці вельмі ён рад,
Што мвршал фон Паўлюс
Узяу\ў Сталінград?
За лета занозы
Настолькі агорклі,
Што цяжка адрозніць
Штабіста ад чорта!
Павесіў паўштаба,
Глушыў з-за пляча,
Ў вялікім маштабе
Франты скарачаў, -
А сёння - зноў чэрці
Пытаюць, аднак,
Чаму ў Будапешце
Гарачы Дунай?
Ці добра купацца
Зімой у Дунаі?
І што адказаць ім -
Сам фюрэр не знае!
Дзе зводка? Хоць зводку,
Паскудам, тыцнуў бы...
І раптам, як плётка,
Хвост чортаў - па губе!
І гітлер прачнуўся,
Шрам свежы ліхнуў...
- Згінь, мара!.. Зноў, мусіць,
Над зводкай заснуў!..
І лыпнуў вачыма,
І губу памацаў...
- Ну й гадкія ж сны мне
Над зводкамі сняцца!..

Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі
Яшчэ палаюць сотні сёл нязгасшых...
Ці ж мы не ведаем, хто дымам край спавіў
Аб сцены разбіваў дзяцей нявінных нашых
І рукі мыў у матчынай крыві?

Хто нас лавіў і куляю нацкоўваў,
Хто адрываў ад хата, ад сям'і,
Хто гумай біў, пароў штыком сталёвым,
Гнаў у Нямеччыну, у лагеры гнаіў?

Пажараў полымя наш гнеў вялікі грэла
І шлях адсвечвала ў адвечныя бары,
І клікаў труп дзіцяці , абгарэлы,
Народны суд над катам ўтварыць.

І загрымелі помстаю прасторы,
Пад громам тым кат устаяць не змог:
Спалоханы, зашыўся ў бункер-горад -
Няма яму ні сцежак, ні дарог.

А на франтах - пачэсваюцца пяты,
І кат падумвае аб сцежцы на Берлін,
І ўсім не спаленым, не выкураным з хаты
Сілком у рукі суне карабін.

А потым цапае рукой крывавай
І накіроўвае халодны ствол
На лес, што ўласным ценем велічавым
Ад смерці засланіў статак сёл.

Вось ён - фашысцкі кат тваёй Радзімы,
Апырсканы крывёю і слязьмі,
Закопчаны пажараў гэтых дымам -
Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі!

* * *

Чаго ж ты іржэш тут, мой конь чарнагрывы,
Зямлю ўдараеш кпытам?
Яздок усё роўна не ўстане з магілы:
Ён куляй фашысцкай прабіты.

Ляжыць у чужой і далёкай краіне -
Асеннія ветры галосяць,
І лісце, апаўшае толькі што з дрэва,
Магілу салдата заносіць.

А недзе у роднай краіне і вёсцы
Чакае любімая маці,
Каб сына хоць раз прыгарнуць яшчэ к сэрцу,
У матчыным сціснуць абняцці.

І ветры прынеслі ёй вестку ліхую,
Што сын яе ў бітве загінуў,
Жыццё, дараванае роднае матуляй,
Аддаўшы за маці-Краіну.

Слязамі не выплачаш гора з-пад сэрца -
Хай гнеў грудзі матчыны ўздыме!
Вось двое сыноў дарастае да зброі,
І ў бітву іх кліча Радзіма.

- Ідзіце, сыночкі, і ворагу-кату
Адпомсціце люта за брата.
Чакаць я вас буду, чакае Радзіма
І родная вашая хата!

Хостинг от uCoz