Анатоль Іверс
Многа славутых
і таленавітых людзей дала свету слонімская зямля. Адных мы ведаем добра, другіх
- менш, але кожны заслугоўвае права на ўдзячную памяць і павагу.
Асобя Анатоля Іверса - вельмі яркая зорачка на небасхіле слонімскай літаратуры.
Вершы яго незвычайныя, ён адлюстроўвае ў іх усе бакі жыцця. Не мог Іван Дарафеевіч
Міско не адлюстраваць у сваёй творчасці і жахлівую, прапітаную болем тэму
вайны. Вайны, якую ён пабачыў на ўласныя вочы, вайны, якая назаўсёды пакінула
рану ў яго сэрцы.
У ваенныя часы расце мастацкае майстэрства паэта. І ў вершах таго часу перадаецца
адчай, пакуты, нянавісць да ворага. Напрыклад у вершы "Ліст у Нямеччыну"
Марозам
трыскучым па хвоях
Наступная прыйдзе зіма.
Ці чуў ты, таварыш, пра тое,
Што нашае вёскі няма?
Фашысты
яе падпалілі,
Пабілі малых і старых.
Чарнеюць курганы-магілы
Усюды - ў палях і ў бары.
Мастацкім словам, родным словам ён размаўляў са сваім народам, клікаў на барацьбу, мацаваў веру народа. У сваёй творчасці Іверс арыентаваўся на тых лепшых прадстаўнікоў беларускага народа, хто змагаўся не толькі за яго сацыяльнае вызваленне, а і за нацыянальнае разняволенне.
...Пішы,
як жывецца ў няволі...
Заводы і склады палі...
А сэрца, налітае болем,
Няхай па Радзіме баліць.
Партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаў сапраўды ўсенародным. Гэтыя людзібаранілі Радзіму, баранілі сябе, баранілі ўсіх людзей і аддавалі сваё жыццё за нас, за будучае пакаленне. Верш "Партызаны камсамольцы" менавіта пра тых людзей, якія дапамагалі бараніць родную зямельку.
Пад сховамі чорнае ночы,
У проблісках яснага дня
Яны, непахісныя, крочаць -
І я пазнаю арлянят
Па тым, як ляцяць пад адхоны
Захопніцкія паязды,
Як ворагаў у гарнізонах
Ахутвае полымя-дым.
Па ёй толькі ведамых тропах
Пайшла Беларусь у лясы.
Няпрошаных з "новай" Еўропы
Частуе і бацька і сын.
Аўтар паказвае нам таксама жахлівасць вайны праз трагедыю беларускіх вёсак. Гэтыя маленькія куточкі вайна кранула асабліва страшна. Паказ бесчалавечнасці вайны праз лёс беларускай вёскі Хатыні. Праклён тым, хто нёс смерць і разбурэнне.
Хата схілена, забыта
У шуме палыну
Запрацованы здабытак
Вораг праглынуў
І за лесам, і за садам
На глухой шашы
Партызанская засада -
Не мінеш, фашыст!
Не забываў Анатоль Іверс у тыя часы і пра родную слонімскую зямлю. Пра яе ён таксама ўспамінае ў сваіх ваенных вершах. Бо немагчыма знішчыць з памяці боль і пакуты родных мясцін, бо яны заўсёды ў яго сэрцы.
Праз зараснік клёнаў і ліп
Вярталіся ў лагер мінёры,
Дзяўчынку з сабой прывялі
Яна гаварыла пра Слонім
І хоча разведчыцай быць...
Было калісьці
свята -
Здабыць яго цяпер!
Таму і лёс салдата
Кладзецца ў гэты верш...
З жыровіцкіх завулкаў
Вяла сцяжынка нас
Цераз ручай, што булькаў, -
Вясна была, вясна!
Кожны салдат, кожны чалавек змагаўся тады за сонца, за паветра, за Радзіму, не шкадаваў свайго жыцця дзеля таго, каб доўжылася жыццё Айчыны. І калі народ сваёю крывёю і шматлікімі ахвярамі выратаваў сваю Радзіму, то не было канца яго шчасцю, бо гэта сведчыла аб тым, што жыццё працягваецца, што будзе сонца, неба і шмат шчаслівых дзён.
...з Негарэлага - за Гродна
Сталі вольнымі палі
Расквітнеў і родны Слонім
І прыбраўся ў чырвань-цвет.
І ніхто ўжо не заслоніць
Чорнай хмарай белы свет!
Мы сёння павінны быць удзячны ўсім тым, хто набліжаў Перамогу, у тым ліку і Анатолю Іверсу. Мы удзячны пісьменніку яшчэ і за тое, што ён падарыў свету творы, напоўненыя горкай праўдай пра суровы ваенны час.