Творы Анатоля Іверса

Абеліскі

Вясна штодзень ступае шырай,
Каб лісце дрэў параскрываць.
Вярнуць у край птушыны вырай,
Дзе зелянее ўжо трава.

Даносіцца здалёк і зблізку
Зялёны шум, вясновы крок.
І толькі зоркі з абеліскаў
Заўжды трывожаць маю кроў.

Не патухае ў сэрцы рана
З тае далёкае пары,
Калі ўзарвалі бомбы ранак
І смех вясёлай дзетвары...

І вось стаю, як вінаваты,
Што кулі бралі не мяне.
І не сысці мне з мірнай варты,
Пакуль трывога не міне.

Сталёвы помнік

Як падзе на зямлю цемната
І пацягне ад Шчары туманам,
Кажуць ходзіць па Слоніме танк
І знікае пад сонечны ранак.

Можа, праўда. Чвэрць веку прайшло,
А легенда пра нашых танкістаў
Пранікае, бы сонца праз шкло,
Паліць сэрца агнём прамяністым.

І здаецца, гару нібы я
І хачу, каб халодны дождж лінуў...
Сапраўды ж танк згарэў у баях,
Ды другія дайшлі да Берліна!

То уральская моцная сталь,
То савецкія мужныя душы
Узышлі на бетон-п'едэстал
І гатовы на ворага рушыць.

Ліст у Нямеччыну

Марозам траскучым па хвоях
Наступная прыйдзе зіма.
Ці чуў ты, таварыш, пра тое,
Што нашае вёскі няма?

Фашысты яе падпалілі,
Пабілі малых і старых.
Чарнеюць курганы-магілы
Скрозь - у палях і ў бары.

Увесь мазалісты прыбытак
Забраў акупант увясну,
Варожаю куляй прабіты,
Твой бацька навекі заснуў.

Пішы, як жывецца ў няволі...
Заводы і склады палі...
А сэрца, налітае болем,
Няхай на Радзіме баліць.

***
У цьмяным полымі лучын
Перапаліўся дзень апошні,
Калі снапы я палічыў
На залатой аўсянай пожні.

- Ты не паказвайся ў сяле, -
Параіў мне сусед Яўхута,-
А проста з поля шпар у лес
Ды абыдзі прылесны хутар...

Назаўтра бацька на плячах
Насіў авёс той залацісты.
Каб выліў горыч, што ў вачах
То б спапяліла ўсіх фашыстаў.

Разышліся шляхі

Адыходзіла восень ў нябыт,
Дрэвы голавы долу хілілі.
І суровае "быць ці не быць?"
Вырашалі хвіліны.

Небяспека вісела даўно,
Ды трымалі мы пост, як зенітку.
Абарвалася дзесьці звяно,
І эсдоўцы схапілі за "нітку".

Невялікі пакінуўшы скарб,
Падпліся ў палі ад Падгорнай.
Слонім сэрца ніяк не пускаў,
Потым снімся любімы мой горад.

З пекла вырваўся я. І яна.
Ды шляхі разышліся навечна.
Катам трапіла ў лапы адна,
Не прыйшла на ўрачыстае веча.

Перажыў я нямала пакут
У баях, на свабодзе - таксама.
І цяпер успаміны пякуць,
Бы па сэрцы хто б'е каласамі.

Як палёгку, шукаў я віну -
Не знайшоў і слядоў на гасцінцы.
Вось ідзе... Не яна... Праміну.
Аглянуся - ў той самай хусцінцы.

Салаўіныя ночы

Пераліўна звіняць, як рака,
Салаўіныя ночы.
Маці гладзіць мяне, хлапчука:
"Ўстань, паслухай, сыночак".

Новы май па краіне ішоў
З прабуджэннем і гулам.
Салаўі...Слухаў сэрцам, душой:
Маладосць прамільгнула.

Не забыць, хоць было і даўно,
Не агонь з мінамётаў,
А вясновую срэбную ноч,
Перасвіст над балотам.

Мы на Шчару спускалі чаўны,
Нас таўклі, як цапамі.
Ды не выбухі мін, а яны -
Салаўі будзяць памяць.

У бязлістым лазняку

Гасцінец - справа, немцы ў вёсцы,
Рака - па левую руку.
Мы на той вузенькай палосцы
Ляжым у бязлістым лазняку

Прайме цела холад люты,
Ды не паднімеш галавы,
Бо па гасцінцы штомінуты -
То першы фрыц, то верхавы.

Такую днёўку быдзеш помніць,
Пакуль на свеце будзеш жыць.
Пашлі нам, сонца, свае промні!..
А Шчара булькае, бяжыць.

Пераплылі рубеж блакадны,
І раптам - тут другі рубеж.
О, лепш у бой, на барыкады,
Пакуль не сцапалі цябе.

Імкнуцца думкі ў свет дзівосны -
Няма ім межаў на зямлі.
Параскідаў я свае вёсны
І толькі сэрца зазямліў.

Партызаны-камсамольцы

Пад сховамі чорнае ночы,
У проблісках яснага дня
Яны, непахісныя, крочаць,-
І я пазнаю арлянят

Па тым, як ляцяць пад адхоны
Захопніцкія паязды,
Як ворагаў у гарнізонах
Ахутвае полымя-дым.

Галоўная прыйдзе расплата,
Падлічым затрачаны час.
Збудуем і школы і хаты,
Запалім агні Ільіча.

А сёння пад сховамі ночы,
У проблісках яснага дня
Яны,непахісныя, крочаць,-
І я пазнаю арлянят.

Я выйду ў поле рана

Агнём сплываюць раны
З маёй душы сягоння...
Я выйду ў поле рана,
Дзе ветры хмары гоніць.

Другі раз восень лістам
Асыпала загоны...
Я помню, як калісь там
Жыццё званіла звонам.

Я поню... Ўсё мінул.
Ды вернецца, напэўна,
Ізноў вясёлым гулам
І песняй звонкаспеўнай!

Бо мы ідзём няўхільна
У бітвы агнявыя.
Над прораю магільнай
Хай вораг дзіка вые.

Частушкі

Я з гранатаю адзін,
А фашысты з танкамі.
Хто прайграе - паглядзім
Ранкамі-світанкамі.

Як пад гусеніцу бах -
Танк ваўчком закруціцца.
Люк адкрыеш - па зубах,
У вачах памучыцца.

Працавіты наш народ,
У баях напорысты.
Будзеш лезці ў агарод -
На ражон напорашся.

Не шукай пакорных тут,
Тут не раскапусцішся.
Крыкнеш: "Гітлеру капут!" -
Ды і сам скапуцішся.

Вось такая партызанка

Ходзіць сонца па-над лесам.
Па бары ідзе Алеся.

Сосны стройныя, як мачты.
А што з намі, растлумач ты.

Ўсе замоўклі на паўслове
І вачамі постаць ловяць.

Не дзяўчына - штосці болей:
Пахне лесам, пахне полем,

Прыгажосць, дабро і смеласць,
І што ў сэрцы накіпела,
Ўсё асветлена тым ранкам...
Вось такая партызанка.

Гром веснавы

Промнямі ярка-чырвонымі
Дзень свой паход завяршыў.
Цені зліваюцца з кронамі,
Водбліск - з парвыам душы.

Мой жа паход незавершаны
Па акупанцкіх тылах.
Скажуць бярозы, алешыны,
Дзе наша помста была.

Дойдзем з баямі і гімнамі
Да пераможнага дня!
Будуць страчаць неабдымныя
Поле, густы маладняк.

Дзень Перамогі загрукае
Гулка, як гром веснавы.
Гэта і будзе зарукаю
Вечнага шчасця жывых.

Лясны паклон

Вятры сняжынкі ў полі гналі,
Працяжна вылі, бы знарок.
Навокал ноч. І мы не зналі,
Што здарыцца, як ступім крок.

Засады ў полі не чакалі -
У полі змерзне подлы гад.
Мароз мацнее, шчокі паліць,
Дранцвее, курчыцца нага.

Уперліся ў чыгункі насып -
Ці то ісці, ці то чакаць?
З фашыстам стрэліся сам-насам,
Ды нам не трэба языка...

Перамахнулі цераз рэйкі,
Як збоку кулямёт ажыў.
І працялі намомант нейкі
Хмызняк чырвоныя нажы.

І нібы свет згарнуў хтось жменяй
І сціснуў скроні да крыві.
Мы папаўзлі паміж каменняў
(Прымі падзяку, ледавік!).

І клікаў лес: хутчэй пад сховы,
Тут - цішыня, жывіцы пах...
Ізноў я той хлапчук вясковы,
Што быў запутаўся ў снапах.

Дзяцінства ўсё, як на экране,
Пратупацела басанож
І цеплынёй далёкіх раніц
Змякчае жудасную ноч.

Нарэшце лес - бярозы, елкі.
Пападалі мы зноў у снег.
На гэты раз спачыць каб толькі
На гэтай яве, нібы ў сне.

Але мароз даймае крута.
І нас разведчык вёў далей:
- Зманліва зайсці на хутар,
Ды штосьці голасна ў сяле.

Ішлі сцяжынкамі па лесе.
Асіннік голы, беразняк...
Высока вецер куралесіў,
Бы падаваў умоўны знак.

І мы ішлі на знак той светлы,
Яліну ўбачылі якраз,
Яна махала нам прыветна,
Бы запрашала ў госці насю

І, расхіліўшы тое голле,
Што дасягала да зямлі,
Нібыта ў дом, зайшлі павольна.
Душа, ад радасці замры!

Нас чатырох. А можа сорак
І пяцьдзесят змясціцца тут.
У завіруху тут не сорам
Адчуць лясную дабрату.

Трава пажухлая пад кронай,
Паклаў хтось сена ля ствала.
І ў гэтай хаце, век зялёнай,
Нібы зіма і не была.

Тут снег не сыпаўся на голаў
І дождж не капаў за каўнер.
Мог дакучаць часамі голад,
Ды ён не вечны - праміне.

Лічы, шанцуе партызану,
Бо пад рукамі дровы ёсць.
І хоць сюды ён трапіў нанач,
Ўсё ж гаспадар ён, а не госць.

І ўміг агеньчык дзіўнай кветкай
Расцвіў на вогнішчы старым.
Спакойнай ночы вам, палеткі!
Спакойнай ночы, хутары!..

Да першае вайны, як пушча,
Тут красаваўся стройны лес.
Алень выходзіў з гэтай гушчы,
Ліса вадзілася, але

Пусціў пілу ў жывое цела -
Спраўляў грабежнік "новы лад".
І толькі елачка ўцалела,
Бо невялікая была.

Расла яна тут на прыволлі,
Увысь расла, расла ўшыркі.
І птушанят гайдалі ў голлі
Вясной і летам вецяркі.

І вось цяпер у час суровы
Народных мсціцаў, як дзяцей,
Прымае шчыра ў свае сховы,
Пакуль фашыстаў згіне цень...

Прайшло нямала мірных вёснаў,
Калі дакладна, - трыццаць пяць.
Жывём у краі мы дзівосным:
Спакойна людзі нашы спяць.

Але нічога не забыта,
Ні тыя зверствы, ні разбой.
Усё запісана, нібыта
Застыла жудаснай разьбой.

І хоць гады ляцяць імгненна,
Бацькамі сталі ўжо сыны,
Мы знаем кожнага паіменна,
Хто не вярнуўся з той вайны.

Як бура снежная завые
І замятае ўсе сляды,
Перад вачамі, як жывыя,
Ішлі таварышы туды.

Дзе некалі стаяла елка -
Гасцінны дом для партызан,
Дым лезе ў нос сасновай смолкай,
Як трыццаць год таму назад.

Дыміць касцёр, як кепскі бровар
Ці смалакурня за сялом.
Стаіць Валодзя, хмурыць бровы,
Збірае Міця буралом...

Зрывала ліст апошні восень
З асін прыглушаных, з бяроз,
Калі ізноў мне давялося
Прыпомніць тое, што збярог.

Даўно няма ўжо той яліны.
Мо скрыпкай стала ў скрыпача,
Каб граць "Па ўзгорках і далінах",
Каб жар душэўны не зачах.

Стаю на гэтым самым месцы,
І нешта сэрцазапякло.
Я не магу на пень той сесці.
Паклон табе, лясны паклон!

Хадзілі мы паходамі...

Далёка ўжо за намі
Той гераічны час:
Былі мы партызанамі,
І песні ёсць пра нас.

Вітацца з паліцаямі
Ніхто не будзе, не!
За кроў ім абяцалі мы
Гарачых куль свінец.

Хоць па балоце плёскалі,
Ды не забыць сустрэч,
Калі ішлі мы вёскамі,
Вінтоўкі зняўшы з плеч.

Выносіць дзядзька бульбачку,
А цётка - малако.
- Нішто, - кажу спрабуючы,
І смех стаіць наўкол.

- Засмажыць трэба курыцу -
Не знойдзеш на сяле.
Мо самасад закурыце,
Каб сэрцу весялей?

І сумна тут, і радасна,
І ты нібыта ў сне.
Вясна занадта ранняя
Апошні гоніць снег.

Нішто не забываецца,
Калі яно ў душы:
І сакавік, і раніца,
Задымленая шыр.

Здалёк не раз мы бачылі:
Ўзыходзіць сонца там,
Над шэрай хатай матчынай -
І сум, і ясната.

За дым калматы з коміна,
За ночку давідна,
За жытнюю саломіну
Аддаў бы ўсё да дна!

Такія яны блізкія,
Што ворагу не быць!
Агнём смяротным бліскаем
І будзем біць і біць!

Любою непагодаю

Ляцелі ўвысь масты.
Хадзілі мы паходамі,
І не забыць аб тым.

І добра. Сцежкі росныя
Завуць у тую даль,
Дзе зрэнкі паравозныя
Гасіла наша сталь.

Зноў са старымі ранамі
З-за вішнякоў і сліў
Ў паход выходзім рана мы,
Ды сцежкі зараслі.

Калісь былі прагаліны,-
Там лес расце цяпер.
Дзесь у зямлянцы спаленай
Ржавее ПТР.

Над нетрамі ласінымі
Дугу вясёлка гне.
На полі ж вочы сінія
Расплюшчыў даўгунец.

Былі тут лозы ніцыя,
Бруснічная ікра.
Цяпер шуміць пшаніцаю
Мой беларускі край.

Гляджу на непаўторнае:
Такія берагі!
Крывёй шляхі пратораны,
Каб волю бераглі.

Па дарогах вайны

Хоць не ўсе я абышоў мясціны,
Беларусь жа пазнаваў па тым,
Як гарэлі родныя хаціны,
Лез туман на золку праз платы.

Халадзілі гліняныя печы
І душу, і цела - толькі глянь.
Неймаверным цяжарам на плечы,
Ўся вайна на плечы налягла.

І не плакалі малыя дзеці,-
Маці несла іх у далёкі бор,
І не знала, што рабіць, дзе дзець іх,
І пыталася: ці ёсць на свеце бог?

І калі гарэлі раптам танкі
І крыжы на танках,- то не цуд,
То не бог пускаў на іх маланкі,
А з разбітых хатаў мужны люд.

І святлелі вочы, твар жанчыны,
Што дзяцей туліла да грудзей...
Туманы ўзнімаліся з лагчыны,
І на ўсходзе пачынаўся дзень.

...Па знаёмай зноў іду мясціне:
з белай цэглы вёска - Беларусь.
Бабка выйшла на асфальт-гасцінец,
Адпраўляла ў школу дзетвару.

Затрымала крок ля абеліска,
Скінула набегшую слязу.
А мо вецер мокры ў вочы пырскаў,
Што гайдаў каліну і лазу?

Хостинг от uCoz